5 траўня, на Вялікдзень, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, музычна-гістарычны праект “Філаматы XXI стагоддзя” выступілі ў дзіцячай вёсцы ў Кобрыне.
“Філаматы XXI стагоддзя” збіраюць фальклор па ўсёй Беларусі, вывучаюць народныя рамёствы, гістарычныя помнікі, абрады, музычныя інструменты, якія існавалі раней і існуюць зараз, як калісьці студэнты Віленскага ўніверсітэта, прыязджаючы з вакацый, з родных мясцін рабілі песенныя, краязнаўчыя справаздачы, выдавалі зборнікі. Фальклор Беларусі ведалі і ў Парыжы, і ў Пецярбургу.
Вядомы музыка Васіль Грынь, які выступіў на сустрэчы, распавёў аб музычным інструменце сурме (пастушы рог), які існаваў тут жа, у Кобрынскім, Драгічанскім раёне. Спадар Васіль не толькі сам зайграў на сурме, але і даверыў паіграць хлопчыку, як вучыцца ў музычнай школе. Гэта выклікала вялікую радасць у выканаўцаў і слухачоў.
Іншы ўдзельнік праекта, спадар Аляксандр, распавёў аб лірніках, якія хадзілі і спявалі, гралі на ліры. Ён таксама выканаў лірніцкую песню “Юр’я”, “Цераз рэчаньку”.
Лірніцкая культура існавала да першай паловы XX стагоддзя. Старажылы Мінска памятаюць, што ў 1947 годзе на Камароўцы граў лірнік. А зараз, у наш час, побач з Кобрынам, у вёсцы Балата, жанчыны спяваюць лірніцкія песні, ведаюць ажно 40 куплетаў. Лірнікі – музыкі –вандроўнікі, якія выконвалі святыя, сіроцкія песні. Лірнікаў звычайна суправаджаў хлопчык, які быў сіратой альбо з шматдзетнай сям’і.
З вялікім задавальненнем дзеці вывучылі некалькі беларускіх танцаў. Апошняя частка імпрэзы адбылася на свежым паветры, у прыгожым двары, дзе Васіль Грынь раскручваў 4-метровую пугу – дзеці радасна гралі ў гульню “Рыбак і рыбка” і выбіралі самага спрытнага. Самыя лепшыя атрымалі падарункі ад кампані “Будзьма беларусамі!”.