Незвычайнымі экспанатамі папоўніліся фонды Гомельскага абласнога музея ваеннай славы. Вядомая ўкраінская мастачка Наталля Валодзіна-Панчанка перадала каля 20 ілюстрацый да зборніка аповесцяў Васіля Быкава (“Абеліск”, “Сотнікаў”, “Альпійская балада», «Трэцяя ракета»).
Зборнік быў выдадзены ў свой час адным з кіеўскіх выдавецтваў на рускай мове. Малюнкі дапоўнілі творы майстра. Усе наступныя гады мастачка беражліва захоўвала арыгіналы ў надзеі, што наступіць момант, калі і яны будуць запатрабаваныя. Майстар палічыла, што ў год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ілюстрацыі будуць дарэчныя там, дзе да Перамогі захоўваюцца беражлівыя адносіны.
Наталля Валодзіна-Панчанка мае беларускія карані, сваякоў, якія пражываюць у Гомельскім раёне. Падчас нядаўняй паездкі ў Беларусь яна і перадала графіку.
У музеі, вядома ж, ўзрадаваліся такому папаўненню.
– Работы будзем уключаць у нашу выставачную і экспазіцыйную дзейнасць. Напярэдадні юбілейнай даты Перамогі пастаянна абнаўляем фонды, – распавядае намеснік дырэктара музея па навуковай рабоце Канстанцін Мішчанка. – Вельмі прыемна, што ілюстрацыі выкананы да твораў прызнанага ва ўсім свеце пісьменніка-франтавіка, неперасягненага майстра малюнка ўнутраных калізій чалавека на вайне Васіля Быкава.
Валянціна Лайкова, “СБ Беларусь Сегодня”