Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” у супрацоўніцтве з ГА “Цэнтр сацыяльных інавацый” абвяшчаюць конкурс на пазіцыю менеджэра праграмнага кірунку “Полісі ў сферы культуры”.
“Полісі ў сферы культуры” стане новым напрамкам у межах агульнай праграмы дзейнасці Міжнароднага кансорцыума“ЕўраБеларусь”. Перспектывай развіцця гэтага кірунку будзе разгортванне сістэмнай дзейнасці па прасоўванні грамадскіх інтарэсаў і суарганізацыі аўтарытэтных лідэраў, аб’яднанняў і ініцыятыў, здольных выступаць у якасці грамадскага суб’екта палітыкі ў сферы культуры ў Беларусі для дыялогу на нацыянальным і міжнародным узроўні.
У кола кампетэнцый менеджэра будзе ўваходзіць:
-
Праца з арганізацыямі, ініцыятывамі, прафесіяналамі і лідэрамі ў сферы захавання спадчыны і культуры ў цэлым (маніторынг сферы, аналіз дзейнасці, кансультаванне, камунікацыя і ўзгадненне сумесных дзеянняў);
- Планаванне і арганізацыя публічных мерапрыемстваў, конкурсаў праектаў, даследчых і адукацыйных праграм для прасоўвання інтарэсаў грамадзянскай супольнасці ў сферы культуры;
- Камунікацыя і каардынацыя дзейнасці з арганізацыямі ў краінах Усходняга партнёрства, фармаванне і прасоўванне агульных задач і прыярытэтаў, удзел у міжнародных сустрэчах і форумах.
У бліжэйшыя два гады асноўную частку абавязкаў праграмнага менеджэра будзе складаць дзейнасць па забеспячэнні рэалізацыі праекта “Узмацненне ролі і патэнцыялу грамадзянскай супольнасці ў стварэнні жыццёвага асяроддзя, спрыяльнага для захавання і развіцця культурнай спадчыны” (Беларусь, Украіна, Арменія і Малдова).
Патрабаванні да кандыдатаў на пазіцыю праграмнага менеджэра:
- знаёмства з асноўнымі каштоўнаснымі, мэтавымі і стратэгічнымі ўстаноўкамі дзейнасці Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” і гатоўнасць працаваць у гэтых рамках;
- досвед працы ў сферы кіравання праектамі ў галіне культуры (культурнай спадчыны) і валоданне беларускім культурным полем;
- вопыт дзейнасці ў грамадзянскай супольнасці;
- камунікабельнасць, уменне і жаданне працаваць з людзьмі, здольнасць працаваць у камандзе і арганізоўваць працу каманд;
- развітыя арганізатарскія, кіраўніцкія і адміністрацыйныя навыкі, здольнасці доўгатэрміновага планавання і аўтаномнасці/самастойнасці дзейнасці;
- мабільнасць, гатоўнасць актыўна падарожнічаць як па Беларусі, так і па краінах-партнёрах;
- валоданне мовамі: беларускай, рускай, англійскай (добры ўзровень, дастатковы для публічнай камунікацыі).
Для таго, каб прыняць удзел у конкурсе на гэтую пазіцыю, кандыдату неабходна да 15 траўня 2015 года (уключна) даслаць сваё CV і кароткі матывацыйны ліст на адрас электроннай пошты: [email protected].
На падставе дасланых заявак будзе праведзена папярэдняя ацэнка кандыдатаў, пасля чаго з 20 траўня 2015 года з лепшымі з іх будуць арганізаваны індывідуальныя суразмовы.