Як хутка ляціць час і як добра, што ў яго хвалях не губляюцца сапраўдныя добрыя справы. Восем гадоў таму карэспандэнты Budzma танчылі на першым дабрачынным канцэрце “Дапамажы дзецям разам з намі” ў клубе “Рэактар”. Сёлета мы зрабілі тое ж самае!
Праект прыдумаў Аляксей Тарасевіч, бубнач гуртоў “Адыс Абеба”, Botanic project і “Петля пристрастия”: калісьці Лёша працаваў у інтэрнаце ў “Навінках” выхавальнікам. Маленькая ініцыятыва аднаго чалавека ператварылася ў вялікі штогадовы форум. Фэст падтрымлівалі вядомыя беларускія музыканты – сродкі ад супольных канцэртаў шлі на арганізацыю і аплату адпачынку хлопцаў і дзяўчат з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Сёлета фэст, зладжаны Wake Up Agency, прайшоў у культурным цэнтры “Корпус”. Пачаўся вечар з порцыі гумару і самаіроніі ад эксцэнтрыкаў РСП (“Разбітае сэрца пацана”). Потым быў цёплы сэт рэгі ад Botanic Project: пазітыўныя вібрацыі вельмі дарэчы, калі на дварэ хмары и дождж сцяной. Дарэчы, музыканты гурта “Адыс Абеба” (гэтым жа складам сёння яны граюць у “батаніках”) усе 8 гадоў дапамагалі “асаблівым” дзецям. А вось магілёўская група NIZKIZ у гэтым дабрачынным праекце ўпершыню. Музыканты бадзёра адыгралі сваю частку, зала не хацела іх адпускаць – зрэшты, як і хэдлайнераў фестывалю “Петлю пристрастия”.
У паўзах паміж выступамі вядоўца Каця Пытлева збірала добрыя справы, якімі з ёй дзяліліся музыканты і госці фэсту. Вось толькі маленькая частка з вялікай “скарбонкі”: “выратаваў і аднёс да ветэрынара хворую птушку”, “пасадзіў дрэва”, “абышоўся без поліэтыленавага пакета ў краме”, “змагалася за правы жанчын”, “выпусціў на волю злоўленую рыбу”, “аддала непатрэбнае адзенне ў інтэрнат”.
Канцэрт “Дапамажы дзецям разам з намі” скончыўся, але самае галоўнае толькі пачынаецца. Сёлета 8 чэрвеня ў Нясвіжы адбудзецца вялікі гала-канцэрт – фінальны акорд фэсту “Мары здзяйсняюцца”, ініцыяваны дабрачынным грамадскім аб’яднаннем “Свет без межаў” пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. У форуме традыцыйна возьмуць удзел выхаванцы 10 інтэрнатаў для дзяцей-інвалідаў з усёй Беларусі. Гэта вялікі фестываль-конкурс, дзе юныя артысты будуць спяваць, танчыць і нават паказваць уласна знятыя трэйлеры да фільма. На гала-канцэрце разам з зоркамі-пачаткоўцамі выступяць вядомыя беларускія выканаўцы, а каманда-пераможца з 10 лаўрэатаў фэсту, адабраных журы, правядуць вакацыі ў Швецыі: квіткі на самалёт набудуць на сродкі, сабраныя музыкантамі падчас канцэрта “Дапамажы дзецям разам з намі”.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева