«Песня-рубеж, песня-ўтопія і… песня-надзея», – так музыкі полацкага рок-гурта «Sumarok» характарызуюць аднайменны сінгл, які прэзентавалі 25 студзеня 2015 года.
Шлях кампазіцыі да слухачоў быў даволі доўгім. Нарадзілася песня ў навагоднюю ноч-2014 і цэлы год ляжала, так бы мовіць, «у стале», зрэдку выконвалася на акустычных канцэртах, а яе тэкст выйшаў у зборніку «Час бліскавіц» творчага аб’яднання «Литературный ковчег». Аднак менавіта песняй «Sumarok» музыкі вырашылі адкрыць дэбютны электрычны альбом «Мінор», праца над якім пачалася яшчэ мінулым летам (ён мусіць выйсці ў сакавіку 2015-га). Цяпер жа яна прадстаўлена ў фармаце сінгла, рэліз адбыўся на сайце і ў афіцыйнай суполцы гурта УКантакце.
«Песня “Sumarok” – пра шчасце і поспех, у глабальным значэнні гэтых слоў, – тлумачыць лідар гурта, аўтар вершу і музыкі кампазіцыі Ігар Палынскі. – Калектыў перажываў няпростыя часы, небагаты на выступленні і непладавіты на студыйную працу 2013 год прымусіў задумацца над зменай падыходу да творчасці. Кульмінацыйным момантам і стала напісанне гэтай песні: там ёсць радкі
“Ты адкрыеш недзе дзверы і пачуеш крок – пераклейвае шпалеры ў сваіх думках Sumarok,
Пабудую свой сусвет, дзе не будзе злых, дзе не будзе перашкодаў для надзей маіх…”.
Я зразумеў, што варта зрабіць рашучыя крокі, імі сталі змена назвы гурта і вялікі справаздачны акустычны канцэрт 2 студзеня 2014-га, на якім мы выканалі (у апошні раз!) шмат старых песень і анансавалі паўнавартасны альбом».
Гурт, які выконвае пераважна аўтарскія кампазіцыі на беларускай і рускай мовах, існуе з 2009 года і раней называўся «Горад N». Ужо болей за год ён называецца «Sumarok», і на канцэртах слухачы часта задаюць пытанне: што абазначае гэтае загадкавае слова?
«На гэту назву нас блаславіла Дзіяна Арбеніна, лідар рок-гурта “Ночные Снайперы”, – расказвае Ігар Палынскі. – У яе ёсць аднайменная песня, яна спяваецца на прыдуманай самой Арбенінай мове. Атмасфернасць, гучанне гэтага слова так спадабаліся нам, што мы вырашылі: гэта добрая назва для нашага гурта. А патлумачыць яго значэнне кожны можа сам для сябе, паслухаўшы нашы песні».
Акрамя Ігара (вакал), над кампазіцыяй працавалі Павел Малюжанец (сэмплы, гітара, бас-гітара, клавішныя) і Ціхан Зінкевіч (гітара). Запіс, звядзенне і майстарынг музыкі рабілі ўласнымі намаганнямі. Дарэчы, нядаўна гурт прэзентаваў кавер-версію песні «Мяч» гурта «Brutto» ва ўласным перакладзе на беларускую мову і «міжнародны» сінгл «Мои Двери рисуете вы…», напісаны на верш Хатару – усходазнаўцы і вандроўніка з Масквы.
З новым сінглам, а таксама ранейшай творчасцю гурта «Sumarok» можна пазнаёміцца на сайце калектыву альбо ў афіцыйнай суполцы «УКантакце».