У мастакоў усё проста. Бярэм два дроцікі, медны і ацынкаваны, утыкаем у звычайную, родную беларускую бульбіну і атрымліваем электрычнасць з напружаннем каля трох вольт. Паслядоўна або паралельна (успамінаем школьную фізіку!) злучаем некалькі бульбінак, і напружанне ўзрастае. Здаецца, такое бульбяное поле – і можна забяспечыць электрычнасцю маленькую вёску.
А калі не вёску, дык хоць, прабачце за падрабязнасці, прыбіральню. З дапамогай бульбы і светладыёда мастак Аляксандр Зазуля асвятліў вясковы мініяцюрны туалецік – атрымалася інсталяцыя “Дзейная мадэль энергетычнай устаноўкі на мясцовых рэсурсах”, якую Зазуля прадставіў на восьмай выставе з серыі ўнікальнага праекту «Тэхна-арт», што праходзіць у мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”.
Сёлета тэхнамастакі даследуюць праблему глабальнай энергетычнай бяспекі. Праект праходзіць пры падтрымцы Офіса ААН у Беларусі і прысвечаны Міжнароднаму году ўстойлівай энергетыкі.
Даследчыкі акцэнтуюць увагу: ужо сёння дэфіцыт энергіі і абмежаванасць паліўных рэсурсаў сведчаць пра непазбежнасць пераходу да альтэрнатыўных крыніц энергіі. Праблеме больш шырокага выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі, а таксама тэхналогіям скарачэння вугляродных выкідаў і, як выніку, паляпшэнню экалагічнай сітуацыі на нашай планеце прысвечаны праект «Тэхна-арт. Альтэрнатыўная энергія».
“Сёння на планеце Зямля жыве больш за 7 млрд чалавек, – кажа Віктар Радзівіноўскі, кіраўнік Дэпартамента грамадскай інфармацыі Прадстаўніцтва ААН у Беларусі. – І кожны пяты не мае доступу да энергіі, гэта значыць, ніколі не бачыў электрычнай лямпачкі. А больш за тры мільярды да гэтага часу выкарыстоўваюць для прыгатавання ежы і ацяплення жытла традыцыйнае біялагічнае паліва.
Выстава “Тэхна-арт” – гэта цікавае мастацкае пераасэнсаванне ідэі пашырэння доступу да альтэрнатыўных аднаўляльных крыніц энергіі. Кожная праца – доказ таго, што вакол нас шмат крыніц, адкуль гэтую энергію можна чэрпаць. Вецер, сонца, звычайная бульба, котка (яе магнетызм – таксама энергія), энергія творчасці ўрэшце”.
Дызайнер Таццяна Гомза працягвае гуляцца ў “цяжкае дзяцінства” (так называлася яе персанальная выстава). Кампанія фірмовых звяркоў папоўнілася двума сабакамі-энерджайзерамі, па-майстэрску сабраных у найлепшых традыцыях трэш-арту з усяго, што траплялася мастачцы пад руку –жалязякаў, дэталек сапсаваных механізмаў, лямпачак. У выніку атрымаліся дзве смешныя батарэйкі на чатырох лапах.
Простай у выкананні, але са складаным глыбокім падтэкстам атрымалася інсталяцыя ў Іны Салдатавай. Пуга і пернік на фоне чорна-белага сімвала інь і ян. “Усё новае – гэта добра забытае старое, – разважае мастачка. – Калі знікнуць сучасныя віды энергіі, мы вернемся да гэтых сімвалаў, якія былі энергіяй для мінулых цывілізацый”.
Энергазберагальная лямпачка выкананая з лямцу, а з лямпачкі цягнецца да сонца маленькі зялёны парастак. Гэта гульня з формай і новы стандарт ад мастакоў Людмілы Дамнянковай і Наталлі Аждзер.
Факел мастачкі Алены Атрашкевіч гарыць шкляным полымем, на другой частцы трыпціха Аляксандры Уладзіміравай наша планета прадстаўленая ў выглядзе звычайнай грамафоннай пласцінкі. Фатограф Вадзім Качан у серыі “Камо грядеши”, здаецца, параўноўвае, што выпрацоўвае больш энергіі – Чабаксарская ГРЭС альбо вясёлка, якая з’явілася над вадой.
Асобная зала галерэі выдзеленая пад арт-аб’ект Канстанціна Вашчанкі і Алега Яравенкі, якія прадставілі свой агромністы механізм Perpetuum Mobile.
Дарэчы, гэтая выстава ставіць кропку ў праекце “Тэхна-арт”, кожная серыя якога адкрывала новыя магчымасці гульні з формай, а таксама дэманстравала небанальныя спосабы задзейнічаць у мастацтве абсалютна ўсё, што акаляе нас, – ад складанай эфемернай думкі да гайкі, знойдзенай на сметніку.
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева