Гурты Машы Яр і Насты Хмель далі сумесны канцэрт у клубе “Графіці”. Падчас яго склад “Хоха-бэнд” вырас да неверагодных памераў, калі музыкі раздалі інструменты гледачам, а колісь шматлікая фольк-фармацыя “Джамбібум”, наадварот, адыграла канцэрт мінімальным складам, што зусім не адбілася на якасці музыкі.
“Хоха-бэнд” – новы праект Машы Калеснікавай (Лагодзіч), вядомай з праекту “Яр”. Аснову яго складаюць выдатныя музыкі з гурта Hasta la Fillsta, задзейнічаныя яшчэ ў шэрагу калектываў, – Кастусь Калеснікаў, Сяргей Канановіч ды Зміцер Харытановіч. Цяпер яны працуюць над запісам дэбютнай кружэлкі, частка з якой была прадэманстраваная слухачам на канцэрце 16 жніўня. Маша назвала яго “добрым летнім канцэрцікам, прысвечаным не заўсёды добраму беларускаму лету”, ды прапанавала павандраваць па беларускіх святах, выканаўшы каляндарныя спевы. Часам ужо досыць вядомыя народныя творы гучалі ў надта ўжо арыгінальных аранжыроўках. Да прыкладу, “Ой, на Вялікадню” музыкі сыгралі на манер танга. Да гэтага жанру фольк-выканаўцы, здаецца, яшчэ ніколі не звярталіся. Зарыгінальнічала “Хоха-бэнд” яшчэ неаднойчы. Вельмі цікава ў іх выкананні слухалася, напрыклад, “Рэкруцкая” Гучалі музыкі зладжана, праўда, часам бубнач Зміцер Харытановіч у імкненні прадэманстраваць сваё майстэрства папросту заглушаў астатніх музыкаў. Але яму тое даравальна – ён штатны ўдзельнік Drum Exstasy. Лідар гэтай каманды Філ Чмыр, дарэчы, таксама прысутнічаў на канцэрце.
Песні са свайго рэпертуару Маша пяшчотна заве “бабулінымі”, праўда, заўважае, што яны пераважна надта ўжо сумныя і тужлівыя, таму для разнастайнасці ўключыла ў сваю праграму і парачку вясёлых украінскіх народных. “Мабыць ва Украіне лёс у жанчын складаўся трошкі лепей”, – жартуе яна між песнямі. Але пазітыўныя песні знайшліся і сярод беларускіх. Напрыклад, прэзентаваная на Каляды “А марозы трашчаць”. Пры канцы для ўсіх слухачоў музыкі падрыхтавалі сюрпрыз. На фінальным нумары – гуцульскай народнай “Каламыйцы” – ім раздалі розныя інструменты, каб слухачы маглі падыгрываць, трэсці ды падстукваць у такт музыцы. Тым самым “Хоха-бэнд” істотна разварушыла залу ды ўзняла люду настрой.
У працяг вечара выступіла Наста Хмель з гуртом “Джамбібум”, якая добры настрой з поспехам утрымлівала астатнюю гадзіну. Для музыкаў гэты канцэрт быў асаблівы. Ужо некалькі гадоў Наста жыве за мяжой і наведваецца на Радзіму толькі на вакацыі. Таму гэты выступ быў першым для “Джамбібум” у гэтым годзе. У калісьці вялікай каманды значна скараціўся склад. Калі раней на сцэне магло знаходзіцца да 10 музыкаў, то цяпер Наста грала сола і пры ўдзеле свайго паплечніка, шоумэна Грушы. Часам да іх далучаўся яшчэ і гітарыст Андрэй Апановіч (не блытаць з удзельнікам “Старога Ольсы”). Падчас свайго канцэрту “Джамбібум” прадставіў новы матэрыял, заснаваны на песнях, якія спявалі на Палессі ўжо ў паваенныя часы. Выйшаў такі сучасны шансон з палескім прысмакам. Але не забыліся “джамбібумаўцы” і на свае даўнія песні, якія цяпер загучалі па-новаму і больш магічна. Як, напрыклад, запісаны калісьці разам з гуртом IQ48 нумар “Дзеўкі каліну ламалі”, прадстаўлены як “беларускі народны хіп-хопчык”. Наста ўмела трымала ўвагу залы. “Зараз прагучыць сумная песня пра восень, і вам будзе добра чуваць, пра што размаўляюць чувакі за суседнім сталом”, – сказала яна ў пэўны момант, і ўсе прыціхлі бы мышы. Спявачка яўна засумавала па канцэртах, таму намагалася выканаць як мага больш твораў. А на сканчэнне ўсіх чакаў фірмовы “джамбібумаўскі” хіт “Туман ярам”. Адзін з тых спеваў, якія, як ні перарабляй, усё адно атрымаецца цуд.
Тэкст: Сяргей Будкін
Фота: Аляксандр Ждановіч
Аўдыё: Тузін Гітоў