Вулічныя мастакі з усёй Беларусі па чарзе прыязджаюць у Гародню, каб у межах фэсту «Must act — must art» размаляваць горад. Мы сустрэліся з мастакамі і распыталі іх, як яны прыйшлі ў стрыт-арт, навошта ім гэта патрэбна і што яны спрабуюць данесці сваімі карцінамі.
Пінскі мастак Mutus — аўтар самай вялікай стрыт-арт працы ў Беларусі: “Хапай свой паветраны змей — і наперад да здзяйснення мараў!”
На 10-павярховіку маляваць досыць цікава. Вялікі маштаб падыходзіць пры добрым далёкім аглядзе. Але не для кожнага эскіза будзе дарэчны такі фармат. Зручней працаваць з 5-павярховікамі ці нават меншымі сценамі. Канцэпцыя маёй гарадзенскай працы прыкладна такая: «Хапай свой паветраны змей — і наперад да здзяйснення мараў. Цябе нічога не трымае. Калі табе штосьці для гэтага патрэбна — напрыклад, шчаслівы квіток, — то ён можа быць нават пад тваімі нагамі.
У гістарычным цэнтры роднага Пінска я пакінуў на апоры разбуранага моста від старога горада — намаляваў знішчаныя помнікі архітэктуры. У планах рэалізаваць яшчэ некалькі падобных працаў у Пінску.
Мінскі мастак Алесь Kontra: “Амаль у кожную працу я імкнуся дадаць нешта беларускае”
У “ліхі школьны” 1999, калі многія аднагодкі пачалі каштаваць “Дуплет” ці “Белавежскае”, нас зацікавіў невядомы яшчэ культ — хіп-хоп. Брэйкданс, рэп, графіці запаланілі нашыя галовы. Мы маглі гадзінамі тусіць на берасцейскім вакзале і глядзець на цягнікі з бомбінгам Mutants ці EWC… Каталіся на батлы па брэйку і фэсты невялічкія па графіці. Гэта былі неверагодныя гады.
Канцэпцыя гарадзенскай працы: Можна было б уявіць, што гэта мроя недзе адлятаючай рэстаўрацыі, але будзем думаць па-іншаму. Можа, кожны з нас займее хвілінку пабачыць, здавалася б, у звычайным крумкачы і царкве самае цудоўнае, адзінае ў сваім родзе?..
Апошнія пару гадоў, займаючыся графічным дызайнам і стрыт-артам, я імкнуся ў амаль кожную працу дадаць нешта беларускае, дызайн гэта сувенірнай прадукцыі, мурал на тэму традыцыйнага свята ці партрэт беларускага класіка. Для мяне гэта самая прыемная праца.
Мастак і архітэктар Андрэй Бусел: “Калі праца заняла свае месца ў горадзе і яе не зафарбавалі на наступны дзень — я задаволены”
У 90 адсотках выпадкаў, калі працуеш нелегальна, атрымліваеш больш задавальнення і адрэналіну, але мінус у тым, што так складана зрабіць маштабную працу.
У мяне няма задання зрабіць штосьці суперзначнае — гэтакі чорны квадрат. Калі праца атрымалася і заняла сваё месца ў горадзе (і яе не зафарбавалі на наступны дзень) — я задаволены.
Канцэпцыя гарадзенскай працы: Гэта трафарэт, зроблены на падставе даўнейшай гравюры — хлопчык выдзімае мыльныя бурбалкі. Бурбалкі тут выступаюць у якасці метафары чалавечага жыцця. Мне таксама спадабалася паралель з вулічным мастацтвам, якое завуць ephemeral art.
Мастак з Оршы Алесь Hade: “Працую над серыяй канцэптаў на гістарычныя тэмы”
Канцэпцыя гарадзенскай працы: Мая праца — у нейкім сэнсе падарунак гораду, бо гэта яго герб.
Цяпер я працую над серыяй канцэптаў на гістарычныя тэмы, тэмы, датычныя творчасці беларускіх аўтараў і непасрэдна саміх аўтараў. Ужо ў наступным сезоне некаторыя з іх павінныя з’явіцца на сценах, штосьці на палотнах. Гаворка не ідзе пра штосьці кідкае і банальнае, хутчэй пра персанажаў і сюжэты, якія будуць прасякнутыя духам і настроем роднага краю.
Ulysses Nevmer з Гомеля: “Маляваць нелегальна — гэта значыць быць у вечнай напрузе”
У вулічнае мастацтва я прыйшла дзякуючы сваёй няўседлівасці. Спачатку я малявала на палотнах, пасля зацікавілі вялікія памеры. Потым я зразумела, што маляваць на вуліцы лепш, таму што там мае працы могуць правісець больш часу, людзі звяртаюць на іх увагу, з імі можна сфатаграфавацца.
Спачатку мне даводзілася працаваць нелегальна, бо татавы гаражы і вароты былі ўжо замаляваныя, а мне трэба было дзесьці трэніравацца. Даводзілася ісці на чыгуначныя шляхі. Маляваць нелегальна — гэта значыць быць у вечнай напрузе. Графітчыкі кажуць на стрыт-арт, што гэта “гейскае мастацтва”. А мне падабаецца працаваць цешачыся, не спяшаючыся, слухаць музычку, гаварыць з адэкватнымі мінакамі. Мне падабаецца, калі не трэба вечна трымаць у галаве думку, што мяне можа нехта прагнаць ці выклікаць міліцыю.
Апошнім часам у сваіх працах я пачала надаваць увагу беларускай культуры. Па-першае, я люблю спалучэнне белага і чырвонага, па-другое, зусім не разумею, навошта мы імкнемся быць моднымі, як Захад, калі і ў нашай культуры ёсць шмат чаго прывабнага. Не буду казаць, што на сценах я закранаю глыбокія тэмы для разважання, але хараство беларускіх дзяўчат слаўлю.
Слава Silen з Светлагорска: “Людзі дзівіліся, чаму я малюю нейкага літоўскага ці польскага князя”
Канцэпцыя гарадзенскай працы: У Гародні я хацеў зрабіць менавіта гістарычную тэму, таму што горад мае вялікае гістарычнае мінулае. Мой выбар упаў перадусім на Вітаўта, які быў адным з нашых найвялікшых князёў, заўсёды бараніў інтарэсы дзяржавы, імкнуўся пашырыць і ўмацаваць межы, дамагчыся незалежнасці як з захаду, так і з усходу. Самае цікавае, што людзі, якія цяпер жывуць у горадзе, што ў свой час Вітаўт зрабіў другім у дзяржаве, шчыра дзівіліся, навошта я малюю нейкага літоўскага ці польскага князя. І гэта казалі мінакі пераважна старэйшага пакалення. Я ж лічу, што людзям трэба ўздымаць сваё самаўсведамленне і інтэрпрэтаваць сябе часткай вялікай гісторыі і народа.
Першую сваю працу на гістарычную тэму мы намалявалі з напарнікам у Светлагорску яшчэ летась.
Таксама ў Баранавічах я зрабіў выяву князя Кейстута, а ў Рагачове — фасад дома з Бонай Сфорца — сваю самую маштабную працу.
Гісторыю я любіў заўсёды. У сваіх працах я спрабую нагадаць людзям, што вельмі важна помніць, хто мы такія, што мы еўрапейскі народ са сваёй вялікай гісторыяй, якую ў розны час у нас спрабавалі забраць. Але толькі гістарычнай тэматыкай я не абмяжоўваюся. Проста на дадзеным этапе для такіх маштабных акцый хочацца зрабіць працы, якія падымуць гэту тэму.
Вулічнае мастацтва для мяне — гэта спосаб самавыяўлення, маё хобі, маё асноўнае захапленне. Мне падабаецца, што з дапамогай стрыт-арта можна данесці да людзей свае ідэі, думкі. У адрозненне ад музейнага мастацтва, працы бачыць вялікая колькасць людзей, яны выказваюць сваё стаўленне да яе, свае эмоцыі. Нават калі гэта будзе негатыўная рэакцыя, усё роўна гэта значыць, што праца не пакінула нікога абыякавым, прымусіла пра штосьці задумацца.
Алена Вольная,
Фота — Konstance, фота з асабістых архіваў мастакоў, фота Змітра Кузняцова з кампаніі velcom