Паэт і бард Эдуард Акулін 11 красавіка з сольным канцэртам выступіў перад жыхарамі вёскі Побалава, што на Рагачоўшчыне. Канцэрт ладзіўся ў межах кампаніі “Будзьма!”.
Гомельшчына – малая радзіма Эдуарда Акуліна, і паэт імкнецца выступаць для сваіх землякоў як мага часцей. Цягам апошніх месяцаў паэта неаднаразова запрашалі з творчымі візітамі ў Гомель, Рэчыцу, Светлагорск. Значную падтрымку ў арганізацыі гэтых сустрэчаў аказала кампанія “Будзьма!”.
Кажа Эдуард Акулін: “Канцэрт у Побалава атрымаўся па-сямейнаму цёплым і сонечным. На яго прышлі вяскоўцы рознага веку і жыццёвага досведу: ад школьнікаў да людзей пенсійнага ўзросту. Але беларуская песня і паэтычнае слова аб’яднала і старых, і малых пабалаўчан…”
На развітанне Эдуард Акулін падарыў сувеніры прысутным і паабяцаў “дома бываць часцей”.