“Сядзяць анёлы нашае зямлі
Над горкай Чашай-заслабыя крылы.
Тут людзі зноў чужое прынялі
І адракліся ад крыжа Ярылы”.
Вольга Іпатава.
“ …кансцыентальная вайна-вайна на паразу ўсьведамленьня.
У аснове такой паразы ляжыць зьнішчэньне чалавечай здольнасьці да свабоднай ідэнтыфікацыі, г.зн. здольнасьці кожнага з нас да самавызначэньня. Так, каб мы не змаглі адказаць на пытаньне: кім мы імкнемся быць і ў рамках якой культурна-гістарычнай традыцыі намераны жыць? Калі чалавек валодае самаіндэнтыфікацыяй, ён цьвёрды ў думках і дзеяньнях. Калі чалавек можа сабе казаць: “Я, беларус, вось мая краіна, вось мае нацыянальныя героі і беларускія сьвятыні, то такі чалавек устойлівы. Ён знае сваё месца ў грамадзтве, ён валодае сеткай чалавечых сувязей, ён адчувае сябе часткай вялізнага нацыянальнага арганізма.
Але калі здольнасьць чалавека да самаідэнтыфікацыі зьнішчыць, то адбудзецца страшнае. Тады яму можна ўнушыць любую ідэнтыфікацыю, пераканаўшы яго ў тым, што ён- не беларус, а, скажам, эльф, гоблін ці “русский, но только лучше”. Чалавек губляе здольнасьць быць беларусам (кітайцам, татарынам, індзейцам майя), ператвараючыся ў чысты белы ліст, на якім можна напісаць, што заўгодна і маляваць усё, што прыйдзе ў галаву таму, хто перад гэтым стэрылізаваў сьведамасьць чалавека-ахвяры.
Ідэнтыфікацыя будуецца на аснове ўяўленьня-дзейнасьці па параджэньню вобразаў у сутнастных сымбалях. Менавіта сымбалічныя рады і самаўяўленьне падвяргаецца замяшчэньню або злому ў першую чаргу. Менавіта таму апэрацыя па зьнішчэньню беларусаў пачалася з разбурэньня вобразаў нашых нацыянальных герояў і легенд нашай гісторыі.
Чалавек, які ня толькі губляе свой вобраз, але і перастае аднаўляць і выстройваць свой вобраз нанова, перастае бачыць сябе вачамі другіх людзей, у тым ліку вачамі слаўных продкаў сваіх, геніяў і сьвятых, і, у канчатковым ліку, губляе форму і строй сьведамасьці. Ператвараецца ў кісель.”
Ня ведаю, ці этычным зьяўляецца тое, што я ўзяў тэкст расейскіх пісьменьнікаў-імпэрыялістаў М. Калашнікава і Ю. Крупнова з кнігі “Гнев Орка” (М. 2003), пераклаў яго на беларускую мову і замест слоў: русский, русские, русский, демократ, русским, СССР-России, уставіў, напісаныя курсівам. Лічу, што выйшла добра.
Справа ў тым, што Ю. Крупноў прыпісвае сабе і Ю. Грамыку адкрыцьцё: “…аналізуючы сытуацыю і прычыны гэтага “палітычнага дэфолту” Расіі (маецца на ўвазе Хасаўюртаўскае пагадненьне і выбары 1996г.(-аўт).) вылучылі канцэпцыю “кансцыентальнай вайны”. Лічу, што яны прыдумалі новую назву для той вайны, якую на працягу больш двух стагоддзяў вяла і вядзе Расея з беларускім народам. Замяшчэньне? Калі ласка! Замест Давыда Гарадзенскага, Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Эміліі Плятэр, Тадэуша Касьцюшкі…А.Неўскі, Д. Данскі, Мінін і Пажарскі, Н. Дурава, А. Сувораў…Сьпіс несканчаемы. Нават Богу і Ісусу Хрысту знайшлі замену ў выглядзе антыхрыстаў Леніна і Сталіна-зьвяроў у абліччы чалавечым. Заглянем у падручнікі па Гісторыі Беларусі па якіх цяпер навучаюцца дзеці ў школах Беларусі. Чытаем:” У 1240г. адбылася буйная бітва са шведскімі рыцарамі на рацэ Няве.” У гэтай буйной бітве дружына наўгародскага князя Аляксанра (1700 чалавек) разграміла войска швэдзкіх рыцараў (5000 чалавек). Загінула 20 наўгародцаў. “Другая бітва Аляксандра Неўскага адбылася ў 1242г. на лёдзе Чудзкага возера. Нямецкія рыцары ў гэтай бітве, як і раней швэды, пацярпелі поўнае паражэньне”. У гэтай другой бітве, якую яшчэ назвалі Лядовае пабоішча, войска наўгародцаў у 15000-17000 чалавек разьбіла войска крыжакоў у 10000-12000. У расейскіх летапісах страты крыжакоў падаюцца ў 400-500 забітымі і 50 палонных. У Лівонскай хроніцы падаецца лік забітых-50, палонных-6. Потым А. Неўскі вазіў даніну ў Залатую Арду, у 1258г. разграміў паўстаньне сваіх родных наўгародцаў супраць татара-мангольскай навалы і, у рэшце рэшт, быў атручаны ў Залатой Ардзе . А Давыд Гарадзенскі, аказваецца, хоць і быў “мужным абаронцам”, “адбіў напад нямецкіх рыцараў на замак у Навагрудку”, “многа выдатных паходаў ажыцявіў”, “быў гразою для іншаземных захопнікаў”, але, як бачым з тэксту, не ў якіх бітвах і пабоішчах не ўдзельнічаў і нікога не разграміў. Яшчэ цікавей пра Канстанціна Астрожскага: “Прыпыніць 80-тысячную армію князя Булгакава-Голіцы і баярына Чалядніна магло толькі не намнога большае за 30 тысяч вяліка-княжацкае войска на чале з вядомым палкаводцам, найвышэйшым гетманам Вялікага княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім. Сутычка паміж гэтымі далёка не раўназначнымі па колькасьці сіламі адбылася 8 верасьня 1514 г. на рацэ Крапіўне пад Оршай.”
А вось у “Живописной России” А.К. Кіркор пра гэту сутычку піша так: “8 сентября 1514 произошло генеральное сраженіе. (выл. аўт.) Московское войско подъ начальствомъ Булгакова и Челядинина, состояло изъ 80,000; вел. гетманъ кн. К. Острожскій командовалъ только 35,000 и, несмотря на это, одержалъ блистательную побъду. 30.000 устлали трупами все пространство между Оршею и Дубровкою. Булгаковъ, Челядининъ, шесть другихъ воеводъ, много князей, 150 дворянъ и разныхъ чиновныхъ лицъ и значительное число войска взяты были въ плънъ. Захвачены весь обозъ, знамена, артиллерія.” Вось і зрабіце цяпер выснову, што такое бітва, пабоішча і што такое сутычка. Каб апісаць усе прыклады такой “скромнасьці” беларусаў патрэбны тамы.
Варта зайздрасьці ўпартасьць з якой сьцвярджаецца, што беларусы ( маюцца на ўвазе славянскія плямёны крывічаў, дрыгавічаў і радзімічаў) аднекуль прыйшлі з няведамых зямель і асымілявалі тутэйшае славянскае ж насельніцтва. Хоць вучоныя, нават расейскія, сьцвярджаюць:
“Беларусы-аўтахтоны гэтай тэрыторыі (дзе жывуць цяпер. Аўт.)”- Лідзія Цягака,загадчыца аддзела антрапалёгіі Акадэміі Навук Беларусі;
“…беларусы спрадвеку сядзяць на сваёй зямлі…”-Аркадзь Смоліч;
“Не подлежит сомнЪнию, что область, занимаемая Литовским ПолЪсьемъ, особенно по теченію рекі НЪмана і Виліи, была заселена въ древнЪйшія времена, даже въ первый періодъ каменнаго вЪка…»-А.К.Кіркоръ;
“A moze tak naprawdu my ne tvorylisie z zadnoho etnosu, ono tak samo staryje, jak staryje inszy, szcze dobiblyejski narody?”- Viktor Stachwiuk.
Чаму пры такім татальным “замяшчэньні і зломе, разбурэньні вобразаў нашых герояў і легенд нашай гісторыі”, пры многавекавой кансцыянтальнай вайне беларусы не пераўтварыліся ў кісель, ёсьць многа прычын. Між іншых паэт і філёзаф Ян Збажына называе наступную: “Дзякуючы нясьведамаму і сьведамаму выкарыстаньню краязнаўчых ведаў, беларусы, часам не ўсьведамляючы сваю нацыянальную прыналежнасьць, утварылі сваю этнакультуралягічную супольнасьць-“тутэйшыя”, якая праз грамадзянскую супольнасьць атаясамлівалася і адпавядала “ліцьвінам”. “Тутэйшасьць і ліцьвінства” не дазволілі асыміляваць беларускі край, як у мінулым, так і ў будучым”
На старонках “Беларускай энцыклапедыі” (т.8. стар.471) краязнаўству даецца азначэньне, як “…усебаковае вывучэньне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў…” Такое краязнаўства важнае, але пасыўнае, ня здольнае выконваць сваё галоўнае прызначэньне-захаваньне сьведамасьці народа. Таму, што такое краязнаўства ў яго ролевай сутнасьці, я вызначыў бы так: Краязнаўства-гэта грамадскі рух, угрунтаваны перад усім на любові да сваёй Бацькаўшчыны праз замілаваньне да сваёй малой радзімы, які праз зьбіраньне і папулярызацыю ўсебаковых ведаў аб краі ці рэгіёне аказвае “чарадзейнае ўздзеяньне” па адраджэньню і захаваньню сьведамасьці, здольнасьці да свабоднага самавызначэньня і ідэнтыфікацыі, спрыяе будове грамадскай супольнасьці, асноў дэмакратыі і патрыятызму. Зьяўляецца базай для захаваньня гэтай сьведамасьці і ідэнтыфікацыі для будучых пакаленьняў і знакамітай формай сустрэч людзей розных культур і традыцый для іх узаемнага ўзбагачэньня і выкананьня запаведзі Божай: “Блажэнныя тыя, што жадаюць і прагнуць праўды, бо яны натоляцца”.
Краязнаўства не існуе без краязнаўцаў –сапраўдных Апосталаў свайго народа. Яны заўсёды існавалі і будуць існаваць, бо ня можа знікнуць парода Божых выбраннікаў, “што жадаюць і прагнуць праўды”. Іх ня зблытаеш зь ілжэпрарокамі, бо “Усякае дрэва пазнаецца з плода яго”. У кожнай мясцовасьці ёсьць такія іскра-людзі, якія часта пры жыцьці не атрымліваюць той павагі, якой заслужылі, але яны зьяўляюцца тымі жыватворнымі крыніцамі, якія жывяць краязнаўчы рух, значыць спрыяюць фармаваньню і захоўваньню сьведамасьці і ідэнтыфікацыі народа. На Мастоўшчыне такімі крыніцамі з’яўляюцца Алесь Белакоз і Вітальд Карпыза. Вітальд Карпыза за сваёй пішучай машынкай. Фота 2002г., зробленае пад час паездкіда Карпызы ў Гожаў Велькапольскі Генадзя Семенчука і Мікалая Быхаўцава. ( Фота з часопіса”Ваўкавышчына” №3(8) 2008г.
Вітальд Карпыза нарадзіўся ў вёсцы Зіняўцы 28.08.1913 г. Сёлета яму спаўняецца 95 год. Пасля заканчэньня школы вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Сьвіслычы, а пасьля яе закрыцьця, у Гародні. З 1936 г. настаўнічаў у Росі ў школе ім. Ю. Пілсудскага. У часы нямецкай акупацыі зьяўляўся камэндантам пляцоўкі АК у Росі, працуючы бухгалтарам. Узнагароджаны срэбрным “Крыжам заслугі” зь мячамі. З 1945 г. жыве ў Гожаве Вялікапольскім, дзе працаваў да выхаду на пэнсію ў 1973 г. настаўнікам маляваньня і матэматыкі. Актывіст Польскага гістарычнага і турыстычна-краязнаўчага таварыстваў. Ніколі не забываў аб сваёй малой радзіме, аб якой надрукаваў на пішучай машынцы 27 тамоў разнастайных краязнаўчых матэрыялаў і выканаў каля 300 графічных малюнкаў. Толькі ў апошнія дзесяцігодзьдзі яго матэрыялы пачалі зьяўляцца ў друку. Яго артыкулы прысьвечаныя Росі, Воўпе, Ізабеліну, Богудзенькам, Зэльве, Мастам… і многім другім мясьцінам Гарадзеншчыны. Апошнім часам пабачыў сьвет трохтомнік “Zemia Wolkowyska”. Але нічога з багатага збору Вітальда Карпызы не выдадзена дзяржаўнымі выданьнямі Беларусі. А недзяржаўную “Мясцовую Газету”, якая выходзіла ў Ваўкавыску і друкавала матэрыялы В.Карпызы, улада забараніла. Мясцовыя краязнаўцы пачалі друкаваць гэтыя матэрыялы у сваім часопісе “Ваўкавышчына” і бясплатна перадаваць у бібліятэкі. Тады Ваўкавыская “вэртыкаль” выдала загад зьнішчыць гэтыя выданьні і больш іх ня браць.
Калі В. Карпыза сабраў свае багацьці ў выглядзе запісаў і замалёвак, то Алесь Белакоз зграмадзіў свае ў натуральным выглядзе. 11 верасьня 2008 г. Алесю Белакозу спаўняецца 85 гадоў. Нарадзіўся ён у вёсцы Ляткі, што ўжо злучылася з Гудзевічамі, дзе жыве па сёньняшні дзень у маленькай драўянай хатцы. Працуючы настаўнікам беларускай мовы, Алесь Мікалаевіч вёў з вучнямі заняткі літаратурнага гуртка, вынікам працы якога стаў часопіс “Праменьчык” і неўміручая павага і любоў да свайго Настаўніка з боку вучняў. З 1966 па 1989 г. было выпушчана 14 нумароў часопіса. “Праменьчык” складаўся з разьдзелаў: лірыка, сачыненьні, дапаможнік для экскурсавода, фальклор, этнаграфія, гісторыя рэгіёну, тапаніміка і мікратапаніміка, антрапанімія, народная мэдыцына, матэрыялы пэрыёдыкі пра Гудзевічы, кніга запісаў і інш. Калі першыя выданьні “Праменьчыка” зьмяшчалі 32-36 машынапісных аркушаў, то наступныя дарасьлі да 630. З 1967 г. Алесем Мікалаевічам у Гудзеўскай школе пачынае стварацца школьны музэй. Цяпер гэта Гудзеўскі Дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музэй, дзе сабрана высілкамі яго заснавальніка каля 13000 экспанатаў, аформлена 14 экспазыцыйных заляў, плошчай 765 кв. м. У музэйнай бібліятэцы сабрана каля 3000 кніг і шмат часопісаў. Сярод экспанатаў музэю такія ўнікальныя, як адзіны ў сьвеце глобус на беларускай мове, унікальная калекцыя падвойных дываноў, першае выданьне “Скрыпкі беларускай” Цёткі, арыгіналы граматаў апошняга Вялікага князя ВКЛ Аўгуста Панятоўскага, каменны рукамыйнік з паганскіх часоў… Матэрыялы музэю , у тым ліку “Праменьчык” выкарыстоўваюць студэнты і навукоўцы, краязнаўцы і ўсе зацікаўленыя. Але, нават, ня гэта галоўнае ў музэі. Галоўнае – Беларускі дух, які тут пасяліўся навечна. Алесь Белакоз стварыў, сам таго ня ведаючы, грамадзкую супольнасьць людзей, якіх захапіў яго асабісты ўплыў і ўплыў яго ідэі, якая адлюстравана ў яго, нажаль пакуль адзінай кніжцы, “Каб жыла Беларусь”.
Краязнаўцамі Мастоўшчыны была зроблена спроба па ініцыятыве Язэпа Палубяткі падоўжыць традыцыі “Праменьчыка”. У лістападзе 2006 г. пабачыў сьвет, на вялікі жаль, адзіны нумар гісторыка-краязнаўчага часопіса “Сцежкамі Мастоўшчыны”. Зварот да чытачоў у часопісе быў многаабяцальным. Але…, ідзе 2008 г., а наступнага нумара няма. Вынікі сваёй працы краязнаўцы Мастоўшчыны разьмяшчалі на старонках газэт “Мастоўскі веснік”, “Тэлескоп” і разьмяшчаюць у “Новым часе” і Беластоцкай ”Ніве”. Варта сказаць, што Мастоўшчына мае непасрэднае дачыненьне да першых у Незалежнай Рэспубліцы Беларусь філятэлістычных выстаў. Калі першая выстава “Прырода і мы” адбылася ў 1997 г. у Скідзелі, то другая-“Мой родны кут”- у мястэчку Луна, а трэцяя-“Наша спадчына”-у Гудзевічах у музэі Алеся Белакоза. Усе тры выставы былі арганізаваны пад кіраўніцтвам вядомага філятэліста Фрэдэрыка Гушчы пры удзеле Аляксандра Сьцепанчэнкі з Беластоку (Рэспубліка Польшча). Філятэлія ёсьць знакамітым метадам набыцьця і прапагандаваньня ведаў аб нашым краі. Так Фрэдэрык Гушча мае цудоўную калекцыю картмаксімумаў “Птушкі Беларусі”, у якой больш за 400 экспанатаў. Яго калекцыя разам з калекцыяй яго ўнука “Чырвоная кніга Беларусі” на міжнародных выставах атрымлівае толькі самыя высокія ўзнагароды. Кола філятэлістаў увесь час пашыраецца. На Нацыянальных выставах зьявіліся новыя беларускамоўныя экспазіцыі “Абняла мяне Беларусь”, “Архітэктурныя мелодыі Беларусі”, “Белавежская Пушча”. Яны выстаўляліся таксама ў Гудзеўскім музеі дакуль там працаваў Алесь Белакоз. Пасьля яго звальненьня гэтыя экспазыцыі забароненыя Мастоўскай “ вэртыкальлю”, а канкрэтна намесьнікам па “ідыёталягічнай працы” Т.Мурынай.
Для краязнаўцаў цяпер ня просты, але вельмі адказны час. Любую магчымасьць трэба выкарыстоўваць як найбольш эфэктыўна для таго, каб жыла Беларусь.
Р.S. 14 лютага ў Дзень Сьвятога Валянціна Расейскі Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін зрабіў чарговае прызнаньне ў “каханьні” да Беларусі. Ён сказаў, што пасьля 2 сакавіка (выбары новага Прэзыдэнта ў Расіі), палітыка Расіі адносна Беларусі ня зьменіцца і ён за пераход Беларусі на расейскі рубель. Гэта прывядзе да таго, што зьнікне апошняе афіцыйнае прыстанішча для Беларускай мовы і адбудзецца чарговая замена сымбаляў. Кансцыентальная вайна Расеі супраць Беларусі працягваецца.
Лявон Ка. Луна.
Люты 2008.