Ленін у вышыванцы і помнік тушканчыку – якая гарадская скульптура патрэбная беларусам?
У дзень Мінска кампанія “Будзьма!” супольна з музеем-майстэрняй З. Азгура зладзіла дыскусію для неабыякавых гараджан “Культура памяці і яе скульптурнае ўвасабленне ў гарадской прасторы”. Якіх нацыянальных герояў, якія сэнсы – гістарычныя, культурныя, сацыяльныя – мы ўвасабляем у гарадской скульптуры? Якія канфлікты вакол яе здараюцца і як іх варта вырашаць? Усе гэтыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі дыскусіі.
У Лепелі прайшоў фестываль “У госці да Лепельскага Цмока”
Ужо больш за 2 гады кампанія “Будзьма беларусамі!” вядзе праект “Краіна Цмокаў”, каб прадэманстраваць багацце нашай гісторыі ды міфалогіі.. Год таму ў Лепелі адкрылі першы помнік Цмоку, а ўжо 7 верасня гэтага года з удзелам “Будзьмы” ў горадзе прайшоў Першы фестываль беларускай міфалогіі — атрымалася цудоўнае свята!
Другі сезон запар у межах відэапраекта “Край|BY” чытачы сайта кампаніі “Будзьма!” вандруюць па загадкавых мясцінах Беларусі. У верасні мы разам Таварыствам беларускай мовы адшукалі занядбанае акно ў Еўропу, колішняе мафіёзнае логавішча і даўні беларускі партовы горад. Наведалі радзіму знанага палітычнага перформера і рэзідэнцыю астраномкі-мецэнаткі. Далучайцеся да нашых online-вандровак!
Выйшаў новы раман Віктара Марціновіча “Мова”
Падзеяй стаў выхад новага рамана Віктара Марціновіча “Мова”. Толькі падчас аўтограф-сесіі ў дзень афіцыйнага пачатку продажу разышлася 10-я частка накладу. А ўжо праз два тыдні падчас прэзентацыі беларускамоўнай папяровай версіі рамана, выдадзенай дзякуючы кампаніі “Будзьма!”, разышліся і апошнія кніжкі першага тысячнага накладу. Пацікаўцеся не зусім тыповай для беларускай журналістыкі гонза-справаздачай з прэзентацыі рамана! У ёй шмат незвычайнага – напрыклад, сінонімы да слова “ўгашаны” ад Віктара Марціновіча.
Героі праекта “Байцоўскі ген” разграмілі зорных апанентаў на вачах усёй планеты
З вялікай радасцю і гонарам нагадваем, што героі нашага праекта “Байцоўскі ген”, тайбаксёры Кулебін, Валент і Варац, 13 верасня разграмілі сваіх зорных апанентаў на вачах усёй планеты. Прычым Дзмітры Валент трымаў бой у беларускай вышыванцы, а гэта абавязкова трэба бачыць!
Вышыванкавыя войны: як арнамент стаў хітом лета-2014
Што ж, вышыванкі напраўду зрабіліся аб’ектам шырокай палемікі ў Беларусі і сапраўдным трэндам гэтага сезону. Прыемна, што спроба падсумаваць вынікі дыскусіі, ініцыяванай на нашым сайце, таксама выклікала немалую цікаўнасць. Можна адно выказаць спадзеў, што тэма, якая ў таго-сяго ўжо выклікае раздражненне, будзе толькі спрыяць пашырэнню нацыянальнай ідэі ў грамадстве. І знітаваная з фактамі папулярнасці вяселляў паводле беларускіх традыцыяў і этна-фестывалю Камяніца.
Фінал існавання гурта “Ляпіс Трубяцкі” і старт кар’еры гуртоў “Brutto” і “Трубецкой” сталіся, бадай, адной з галоўных падзеяў музычнага жыцця не толькі Беларусі, але і Украіны і Расіі. Да абмеркавання не змаглі не далучыцца пастаянныя аўтары budzma.by — пісьменнік Віктар Марціновіч і галоўны рэдактар музычнага партала “Тузін гітоў” Сяргей Будкін. Прычым калі другі аўтар аргументавана і шчыра выказвае неразуменне новага шляху Сяргея Міхалка, першы знаходзіць словы падтрымкі і заклікае да разумення.
І, вядома, увесь месяц Лявон Вольскі радаваў нас гумарнымі паштоўкамі, якія абяцае маляваць і надалей.
Сачыце за навінамі на сайце кампаніі budzma.by і дасылайце свае на [email protected]. Дзяліцеся цікавосткамі ў нашых сацыяльных сетках (Укантакце, Facebook, Twitter)! Будзьма разам!